У Менску я не працавала афіцыйна, не жыла па прапісцы — хавалася. У якісь момант зразумела, што ў мяне няма грошаў, і вырашыла з’ездзіць у Маскву на два тыдні — узяць здымкі, зарабіць і вярнуцца ў Менск. З’ехала з маленькім такім шоперам, узяла літаральна некалькі рэчаў. Як раз у гэты час да маіх сяброў у Менску прыйшлі супрацоўнікі КДБ з вобшукамі. Шмат каго арыштавалі. І я зразумела, што ўжо не магу вярнуцца.
Але і ў Расеі было не менш небяспечна: там было вельмі многа супрацоўнікаў росгвардіі, усюды стаялі камеры з дэанонам. Сім-карта ў мяне была зарэгістравана на сяброўку, я не карысталася нічым, зноў хавалася. Я адразу разумела, дзе я і як тут небяспечна. Трэба было рухацца далей. Напрыканцы 2021 года, з дапамогай сяброўкі — былой сукамерніцы — я апынулася ў Грузіі, дзе жыву і зараз.
У 2020-м нас сплацілі жудасныя абставіны. Але мы выбралі шлях радасці, любві і аб’яднання. Я быццам у паветры пачула гэтую гатоўнасць. Што я выйду — і будзе шмат людзей. Была вера адзін у аднаго, у тое, што мы вытрымаем. І я пабачыла гэты цуд — калі тысячы чалавек могуць быць разам, і сярод іх не будзе гвалту, дзяльбы ўлады. Што мы можам роўна ісці, спяваць, збіраць смецце, прапаноўваць адзін аднаму ежу, дапамагаць. Улада кажа нам, што без іх, без дыктатуры мы пачнем забіваць адзін аднаго і пачнецца хаос, — не, не пачнецца. І ў нас ёсць прыклад. І гэта было самае цудоўнае, што я перажыла ў сваім жыцці
Усё пачалося тады, калі людзей сталі затрымліваць за сцягі. І я падумала: добра, затрымлівайце. Сцяга ў мяне няма, я проста буду апранацца ў белую сукенку з чырвоным аксесуарам. Правілы вашы — я іх выконваю і нічога з гэтага вар’яцкага закону не парушаю. Я проста гуляю ў белай або чырвонай сукенцы.
І я пачала заўсёды так хадзіць на ўсе акцыі. Потым далучыліся яшчэ дзяўчынкі, і мы пачалі рабіць так разам. Спачатку я яшчэ жартавала: ну не будуць жа нас затрымліваць за сукенкі, ну сапраўды! Але ў маёй сяброўкі нават у пратаколе ёсць: што яна стаяла ў сукенцы ў колерах несанкцыяніраванай нацыянальнай сімволікі — нават дыктафонная запіс з суду засталася.
***
Улада заўсёды кажа, што пратэстуючыя — гэта нейкія жудасныя людзі, якія заўжды хаваюць твар, і іх трэба збіваць, бо глядзіце, якія яны небяспечныя. Мая пазіцыя ў тому, каб паказаць: глядзіце, хто пратэстуючыя сапраўды і як можна пратэставаць — культурна, мірна, прыгожа. І гэта працавала: першыя два месяцы міліцыя не ведала, што рабіць з гэтымі дзяўчынкамі, ці збіваць іх. Спачатку яны былі разгублены, бо калі навокал людзі ў белам, то ты не можаш рабіць сваё злачынства, як уначы. Я разумела гэтую сілу эстэтыкі, прыгажосці.
І мы гэта выбралі як пратэст: што мы ўсё роўна ходзім у чырвоных паліто, у белых берэтах. Раз яны зрабілі такую сістэму, у якой пяць чалавек выследжвалі каля дому маю сяброўку за сукенку, — здаецца, яны баяцца гэтага. Улада такая «моцная», што яна баіцца колераў. Значыць, гэта для іх небяспечна. Што мы робім? Мы працягваем. Бо гэта працуе.
Калі я працавала ў сферы фэшн, для мяне ў якісь момант гэта ўсё было ў крызе, бо ўвесь фэшн быў пра тое, каб зайсці ў трэнды і прадаць. Раней, у 60-я, 90-я, мода была пра рэвалюцыю, пра змену культуры. І ў Беларусі я пабачыла: вось як можна прыцягваць увагу, як праз элементы нашага адзення, праз візуальны воблік выражаць пратэст і пужаць уладу.
У якісь момант я пачала рабіць спіс бел-чырвона-белых рэчаў, за якія затрымлівалі людзей. А ў сакавіку 21-га да Дня Волі мы зрабілі вялікі праект пра семіётыку беларускіх пратэстаў. Каб паказаць ціхі тэрор, які працягваецца.
Гэты фотапраект пра тое, за што затрымліваюць беларусаў: фэшн-каталог, лукі беларусак, дзе кожны элемент штосьці азначае. Гэта спецыфічны код, новы нацыянальны код беларусаў — пасціла, шкарпэткі, кветачкі, стужачкі, завушніцы. І ў гэтаму такія глыбокія карані: і культура — напрыклад, «Ева» Хаіма Суціна — і рэлігія, і нашыя вышыванкі, яны ж таксама бел-чырвона-белыя.
Гэты праект яшчэ і дакументацыя. Бо тыя рэчы, якія я ўжываю, — за гэта арыштоўваюць, пакутуюць, збіваюць людзей. Гэта не проста прыгожа, а яшчэ і страшна.
***
І ў Батумі я хацела паказаць: тое, што я з’ехала, не значыць, што ўсё скончылася, для мяне ці для людзей. І я проста пачала хадзіць у бел-чырвоным. Кожны дзень.
Калі мы ў Грузіі збіраемся з сяброўкамі і ўсе ідзем у бел-чырвона-белым, да нас падыходзяць людзі. Яны разумеюць, што гэта не проста так. Падыходзяць і кажуць, што мы такія прыгожыя. А мы расказваем, чаму мы такія прыгожыя, чаму ў такіх колерах. Што за гэту сукеначку мая сяброўка правяла 90 дзён на Акрэсціна, за гэту — заплацілі штраф у 3000 даляраў, а за гэтую стужачку, што ў мяне павязана, — чалавека забілі до смерці. Гэта становіцца падставай для размовы пра жудасныя жахі, якія адбываюцца ў Беларусі.
І чалавеку ўжо не так страшна: калі ты глядзіш на трупы, на турмы, цябе цяжка. А праз прыгожае не так жудасна думаць пра тое, што адбываецца. Я выбрала шлях прыгожага, каб далучаць людзей да гэтай павесткі.
Да пратэстаў у мяне не было такой моцнай сувязі з Беларуссю. Мае бацькі — яны лукашыністы, і я не сумую па ім. Усе мае сябры зараз з’ехалі. Таму асабліва нічога мяне не трымае ў Беларусі і я не пакутую. Больш за ўсё мяне там трымаюць людзі, якіх я пабачыла на пратэстах. Тысячы людзей, якія былі разам, — вось гэта Беларусь для мяне.
***
Эканамічная адаптацыя даецца мне вельмі цяжка. І сапраўды я неяк згубілася. У мяне было больш за 20 пераездаў — я амаль кожны месяц мяняла кватэру. І працы не было пастаяннай. І, калі няма такіх матэрыяльных якараў, я разумею, што пачынаю стамляцца, энергія ўходзіць з мяне. Я як перакаці-поле: аб’ёмнае, але пустое, лётаю, але не магу зачапіцца. Калі я перасялілася ў вёску, там было шмат гэтых перакаці-поле, і я пачала іх збіраць — гэта для мяне такі сімвал міграцыі.
Я думаю, што, калі б я знайшла працу-грошы-кватэру, усё было бы адно. А калі гэтага няма, мозг не можа быць кожны раз на стрэсе, трэба ж неяк планаваць жыцця. І я адчуваю гэтую стомленасць, трывогу. У якісь момант я месяц ляжала на канапе і разумела, што я вялікая-вялікая стомленасць замест чалавека.
Тады я сказала сабе: так, Воля, збярыся. Я хачу пабачыць перамогу, хачу пабачыць Лукашэнка ў турме здаровай, у нармальным фізічным і псіхалагічным стане, і жыць потым шчасліва і доўга, дапамагаць будаваць Беларусь, Украіну. Запісалася да псіхатэрапеўта, пачала прымаць таблеткі, трошкі выпраўляць свае кагнітыўныя штукі, рабіць нейкія прыемныя рэчы, шмат гуляць, здымаць, састаўляць нейкі план. Пачала выцягваць сябе з гэтай багны. Бо мяне ніхто б не выцягнуў — я разумею, што калі я буду так ляжаць, то я і застануся ляжаць. Бо ў маіх сяброў таксама ўсё цяжка, і ніхто не будзе мяне ратаваць. І я пачала ратаваць сябе. Гэта наш абавязак — быць здаровымі, шчаслівымі, жыць далей. А хварэюць няхай КДБшнікі, губопікаўцы. Пакутаваць з-за іх — гэта несправядліва.
