«Я зразумела, наколькі важна жаночае кола, якое я цяпер так цаню»

Анісія, праваабаронца.Зараз жыве ў Варшаве.

Я з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе вельмі спантанна. Мы былі з маім партнёрам на канцэрце пад Гродна. Мне патэлефанавалі і сказалі, што трэба пакідаць краіну. Я прыехала ў Менск, сабрала рэчы і паехала праз Расію ў Украіну. Ва Украіне я была да снежня 2023 года.

Я спадзявалася, што я з’еду максімум на два месяцы. У мяне з сабой быў толькі заплечнік рэчаў. Зараз на мяне заведзена крымінальная справа, таму гэта азначае, што ніякіх варыянтаў вярнуцца для мяне няма.

Ва Украіне мы жылі ў Кіеве. У Кіеве мы з партнёрам жылі сваё самае шчаслівае жыццё, таму што гэта быў вельмі класны перыяд. Мы даведваліся адзін аднаго, у нас усё атрымлівалася, мы адчувалі сябе ў бяспецы. Гэта быў насычаны, цікавы, разнастайны перыяд. І ў ноч перад вайной мы як раз павячэралі разам у грузінскай рэстарацыі, і перад сном ляжалі, размаўлялі пра тое, што сітуацыя напружваецца і што мы будзем рабіць.

Я закаціла вочы і сказала: “Вайны не будзе, але давай уявім, што можа здарыцца. Напэўна, проста перамясцяць лінію фронту. Да нас яна далёка, нічога страшнага”.

А ўранку, а пятай, мы прачнулася ад гуку выбухаў за акном. Спачатку не паверылі. Бачылі, як людзі, як мурашы, разбягаюцца з дамоў. Мы зразумелі, што трэба нешта рабіць. Мы думалі ехаць у Львоў, сустрэліся з сябрамі, але яны вырашылі вярнуцца ў Беларусь – падумалі, што там для іх будзе бяспечней. Яны паехалі, а мы засталіся. Праз дзень стала менш страшна, і мы думалі, што ўсё хутка скончыцца. Бо якая ж можа быць вайна ў XXI стагоддзі? Гэта ж абсурд!

Ноччу мы вярнуліся дадому, да пачатку каменданцкай гадзіны, і ноччу зноў быў моцны абстрэл – такі, што мы хаваліся ў ваннай. Ужо наступным днём мы вырашылі, што калі гэта не скончыцца хутка, то трэба ехаць куды-небудзь у бяспечнае месца. Мы сабралі ката, узялі па заплечніку рэчаў і паехалі на вакзал. Там, з перасадкамі, дабраліся да Львова. 

Мы засталіся жыць у Львове. Усё ўжо было зусім не так весела, як у Кіеве, таму што быў стрэс ад вайны, ад таго, што ўсё жыццё перавярнулася з ног на галаву. Гэта, вядома, паўплывала. У Львове я зразумела, што жыццё вельмі кароткае і трэба карыстацца кожнай хвілінай. Я пачала набываць кнігі, посуд, кветкі – усё, што робіць дом утульным.

Мы завялі яшчэ адну кошку, і наша кватэра ў Львове стала сапраўдным домам. У мяне быў вялікі балкон, шмат раслін, дзве кошкі, вялікая ванная – усё, што патрэбна для камфортнага жыцця. 

Я не паспела памяняць пашпарт, хаця ўжо была запісана ў консульства. Але закон аб тым, што цяпер мяняць пашпарты ў пасольствах забаронена, прынялі раней даты майго запісу. Я вельмі засмуцілася, але нічога не магла зрабіць. Мы прынялі рашэнне пераязджаць у Польшчу.

Чарговы пераезд праходзіў даволі складана. І ў эмацыйным, і ў бытавым плане. У бытавым плане было прасцей, таму што мой партнёр быў у Польшчы, і ён знайшоў кватэру. Потым прыехаў да мяне, каб дапамагчы сабраць рэчы.Мы адправілі шмат рэчаў поштай, і гэта абышлося нам значна танней, чым калі б мы перавозілі ўсё грузавіком. Канешне, пераезд – гэта заўсёды стрэс, але ў цэлым мы справіліся. 

Але праблема ў тым, што я не люблю Варшаву, і мне тут вельмі не падабаецца. Я не хачу тут жыць і ніколі не думала, што мне прыйдзецца тут жыць. І вось, усе гэтыя прычыны, пакуль я тут жыву, узмацняюцца. Мне не падабаецца жыць у нелюбімым горадзе. І ў выніку гэта прывяло да таго, што мы з партнёрам рассталіся. 

Зараз, калі я зняла асобную кватэру, я пачынаю даведвацца пра горад, знаходзіць любімыя месцы, абстаўляць сваю кватэру і паступова прывыкаць да Варшавы. У эміграцыі я для сябе адкрыла, што мне вельмі важна, каб у мяне быў посуд, мне вельмі важна, каб у мяне былі нармальныя бакалы для віна – вялікія, з тонкага шкла, мне важна, каб у мяне была смачная ежа і месца, дзе яе можна гатаваць. Гэта стварае ўтульнасць. І кветкі ў гаршках. У мяне ёсць два ката, і мая ўтульнасць ствараецца з гэтага ўсяго. Таму зараз ужо прасцей адаптавацца.

Я лічу, што наш пераезд можна ўвогуле лічыць патройнай эміграцыяй, бо спачатку мы пераехалі ў Кіеў, потым пачалася вайна – мы пераехалі ў Львоў, потым мы пераехалі ў Польшчу. І кожны гэты досвед адчуваўся як страта месца, дзе ты толькі што пусціў карані.

Самым складаным у маёй эміграцыі з’яўляецца разуменне таго, што бліжэйшым часам я не змагу вярнуцца туды, куды хацела б вярнуцца. Змірыцца з тым, што ты не можаш паехаць, куды хочацца, – гэта самае складанае. Нават добраахвотная эміграцыя – гэта заўсёды цяжка, а вымушаны пераезд вельмі прыгнятае.

Я першы час вельмі перажывала і пакутавала ад гэтага. Мне дапамагала, калі побач са мной былі людзі, якія паказвалі мне свой горад, якія ўжо жылі тут і ў якіх ужо былі свае любімыя месцы, дзе можна смачна паесці, любімыя пякарні.

Я ніколі раней так не рабіла, але цяпер я хаджу па раёне, даведваюся, дзе ёсць побач месцы, рэстарацыі са смачнай ежай. Мая мэта ў гэтым усім – завесці сабе такі спіс любімых месцаў у горадзе, куды я буду прыходзіць, калі мне будзе вельмі кепска і калі мне спатрэбіцца такое месца, куды можна збегчы і паспрабаваць забыцца пра тое, што ты не можаш вярнуцца. 

У мяне вельмі класныя калегі. І я трапіла ў круты калектыў – як мы самі сябе называем, “арганізацыя сямейнага тыпу”.  Мы часта тусуемся разам, і гэта такія, ну, класныя хатнія тусоўкі. У мяне такога не было раней. 

Толькі ў гэтым годзе я зразумела, наколькі важна жаночае кола, якое я цяпер так цаню, таму што ўсё сваё жыццё я больш збіралася з мужчынамі ў розныя кампаніі. Калі я трапіла ў такі беражлівы, такі чулы і адкрыты калектыў жанчын, з якімі мы працуем разам, праводзім час разам, я зразумела, наколькі гэта важна, і я разумею, што ў мяне ёсць патрэба ў гэтым.

Калі мы пераехалі ў Варшаву, я паспрабавала наладзіць стасункі з мамай, тому што я падумала, што шмат маіх сябровак маюць з мамамі блізкія стасункі і гэта ім дапамагае. Але ў мяне не атрымалася. І так класна, што ў мяне ёсць іншыя жаночыя мадэлі побач, з якімі я магу ўзаемадзейнічаць.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *