«Свет прыгожы сваімі нечаканасцямі, і я давяраю яму ў гэтым сэнсе»

Ганна, выкладчыца ангельскай. Зараз спынілася ў Грузіі.

З Беларусі я з‘ехала ў жніўні 2021 года – таму, што баялася далейшага пераследу. Калі мяне затрымлівалі на содні, то пагражалі: маўляў, гэта твая не апошняя справа, ты пакуль пасядзі, а мы будзем новую заводзіць. Гэта цалкам мог быць і блеф, але перавяраць не хацелася. Таму я нават не заходзіла дадому пасля содняў: як сядзела ў трэніках і цішотцы, так і прыехала ў Кіеў. 

Памятаю апошні дзень: калі я ўжо ведала, што з’язджаю, але не ўсведамляла, што назаўжды. Я ўсё трошачку шугалася, хадзіла ў кепцы – адчуванне было, нібы я нешта парушыла. Нават убачыла знаёмую ў парку і пабаялася да яе падыйсці, каб, калі што, яе не затрымалі разам са мною. Калі б я ведала, што гэта мой апошні дзень ў Менску, ў Беларусі, я б, канешне, правяла яго па-іншаму.

У Кіеве я пражыла шэсць месяцаў. Каб заставацца даўжэй, трэба было  рабіць ВНЖ і вырашаць бюракратычныя пытанні, а я гэта не люблю. І гэта мяне выратавала не толькі з пункту гледжання бюракратыі, але і ў прамым сэнсе. Літаральна за месяц да вайны я вырашыла пераехаць у Грузію.

Здаецца, 21 лютага я паспрабавала вярнуцца ў Кіеў за сваімі рэчамі. Але гаворкі пра вайну ўжо вяліся, мяне не пусцілі ў краіну  і адправілі абратна ў Тбілісі.

Памятаю вось гэтае адчуванне ў летаку, калі я бачыла з вышыні горад і нават, здаецца, Падол – раён, дзе мы жылі. Гэта было быццам бы.. быццам ты ўжо бачыш нешта катастрафічнае, а яны ўнізе яшчэ не ведаюць. Гэта было моцнае перажыванне, і тады я зразумела, што гэта, мабыць, быў мой апошні дзень ва Украіне таксама.

З таго часу я жыла ў Батумі, потым у Тбілісі, на Шры-Ланцы і ў Індыі. А зараз зноў базіруюся ў Грузіі: прыехала на пару мясяцў, каб зрабіць візу, але мне яе пакуль не далі. Сяброўка пераздае мне сваю кватэру, і яе не будзе тут дзесьці да сакавіка. Гэты першы раз за апошнія гады, калі я ведаю штосьці далей, чым на месяц. І гэта такое шчасце: вау, я магу раскласці рэчы. 

Дагэтуль, нават калі я заставалася на адным месцы, кожны месяц я нанава прымала рашэнне працягваць тут жыць, а таму яшчэ ні разу не набывала ані лампу, ані стул. А тут – пару месяцаў, цэлая зіма, я ведаю, дзе буду спраўляць Новы год, і гэта для мяне зараз такое багацце.

Калі я павярнулася са свайго падарожжа па Азіі, то адчула, што Грузія – гэта мой самы дасяжны дом. Той дом, да якога я магу дакрануцца. Гэта як калі ў цябе няма магчымасці абняць маці, ці яе ўжо няма, але ёсць якая-небудзь цётка, цётачка, якая таксама да цябе добра і па-роднаму ставіцца. І вось Грузія — гэта тая самая цёця, якая прыняла цябе і ў якой ты можаш застацца без візы. Тут усё знаёмае, і ты ведаеш усе “гамарджобы”: якія дадаткі тут працуюць, якія фрукты прадаюць і колькі гэта каштуе. Такая знаёмасць пасля вялікай незнаёмасці Азіі – гэта вельмі прыемны, вельмі healing (гаючы) досвед.

Мне падабаецца мясцовае спалучэнне сучаснаці, даўніны і чагосьці такога па-добраму крэйзі. У Грузіі гэтыя два сусвета, сучаснасць і даўніна, неяк так дзіўна сутыкаюцца – і ўтвараюць трэшчанкі, ў якія вэльмі прыгожа заглядаць.

Раней у мяне былі дзве рэчы, якія моцна асацыяваліся з домам. Гэта мой ёга-дываночак, і відэа Yoga with Adriene, па якіх я рабіла ёгу кожны дзень, пачынаючы яшчэ з Менску. Падчас пратэстаў, падчас розных турбулентнасцяў ты ведаеш, што вось ў цябе ёсць гэтая ёга, і ты хоць на 15-30 хвілін адключаешся ад усяго. Так было і ў Кіеве, і ў Батумі, і ў Тбілісі. 

А потым, калі ў мінулым годзе я з’язджала адсюль ужо нібы назаўсёды, я выкінула гэты дываночак, бо ён ужо быў пакоцканы, – ну і гэта быў такі сімвал новага этапу. 

Зараз, здаецца, для мяне найбольш важны пахі – усялякія пахучкі, якімі я магу напоўніць свой дом. Ёсць яшчэ пэўныя знакі, калі я разумею, што ўжо абжылася: калі я пачынаю гатаваць – усё, я дома.

6.

Часам мне здаецца, што мае вечныя перасоўванні – яны аб тым, што мне страшна праяўляць сябе, страшна адбудоўваць новае жыццё і трансфармавацца. Нібы я не дазваляю сабе пускаць карані і выкарыстоўваю гэта як апраўданне таму, што я нікуды не расту. Бо заўсёды закрываючы першыя патрэбы, заўсёды клапоцячыся пра якасць почвы, не можаш вырошчваць свае ветачкі далей. 

Іграе ролю і страх асесці, каб потым гэта не страціць, як страціла свой дом у Менску. Адчуванне, што нейкая знешняя сіла можа просто ўзяць і цябе адтуль выгнаць.. Таму я абіраю заўсёды быць гатовай да таго, каб зняцца і паехаць. 

Калі я назіраю за тым, што адбываецца зараз у свеце, я думаю, што мая стратэгія не самая дрэнная: без жытла, без машыны, без планаў нечага і губляць. 

Хаця, канешне, не хапае вось гэтага: калі ты адкрываеш нейкую палічку, а адтуль вываліваюцца фотаздымкі, якія-небудзь жуйкі love is, квіточкі, паштовачкі – і ты гэта ўсё сядзіш, пераглядаеш. Але нядаўна мне мае родныя даслалі відэа, як яны гартаюць фотаальбом. І я гляджу гэтае відэа і быццам бы таксама яго гартаю.

Я думаю, што ў нас, мігрантаў, ёсць такое адчуванне інародных элементаў. І за кошт гэтай інароднасці паміж намі ўсталёўваецца большая блізкасць. Як мінімум, ты ведаеш, на якой мове з імі размаўляць. Асабліва прыемна з беларусамі – ім можна сказаць “вітаю”, “вітаначкі”.

Адзін раман польскай аўтаркі, які я чытала яшчэ падлеткам, называўся «Сэрца ў гіпсе». Там гераіне зрабілі балюча, і яна вырашыла больш нікога не кахаць і трымаць гэтае свае «сэрца ў гіпсе». Ну мне гадоў 13 было! Але ж ёсць адчуванне, што ў нейкі момант так падсвядома зрабіла і я: вырашыла не ўсталёваць цесныя кантакты, не заводзіць ніякіх кампаній, з якімі потым будзе цяжка развітвацца. 

Аднак зараз я да гэтага ставлюся прасцей: на мой погляд, свет прыгожы сваімі нечаканасцямі. Хтосьці з’язджае, ці вы просто разыходзіцеся, раз’язджаеццеся ў розныя краіны – а потым выпадкова сустракаецеся ў нейкай краме, набываючы батончык “Віцьба”. І я давяраю свету ў гэтым сэнсе. 

Канешне, гэтыя перасоўванні прынеслі мне шмат магчымасцяў пабачыць свет. Але самы каштоўны здабытак – гэта інтуіція. Гэта як у птушак ёсць спецыяльны орган, які паказвае ім напрамак. Ён жа неяк у эвалюцыі ў іх развіўся, быў не адразу. І вось у мяне таксама выпрацоўваецца ўсё больш даверу да сябе. Калі прыходзіцца часта задумвацца, куды набыць квіток ці якое жытло абраць, ў гэтым вельмі губляешся. І, здаецца, адзінае, на што можна пакласціся, – гэта такая чуечка, давер, інтуіцыя. 

За гэтыя тры гады было столькі магічных супадзенняў, колькі не было ніколі раней – менавіта праз гэты давер сваёй інтуіцыі, свайму гэтаму птушынаму органу, які заўсёды даваў мне арыентыр.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *