«Лайно здараецца, але гэта не падстава перастаць цягнуть камень у гару».

Адам, актывіст і прадстаўнік уроцлаўскай Харугвы

Пасля ператрусу і допыту мне пашанцавала вярнуцца дадому. Але ўся тэхніка засталася ў сілавікоў, і гэта было толькі пытанне часу, калі яны штосьці знойдуць у мяне на ноўтбуку ці тэлефоне (напрыклад, кантакты з журналістамі, ботамі і г.д.). Таму праз некалькі дзён я з’ехаў у Кіеў.

Спачатку я чакаў момант, калі ў мяне атрымаецца вярнуцца ў Беларусь: спрабаваў даведацца, як ідзе справа, па якой я праходзіў сведкам, калі мне вярнуць рэчы, кансультаваўся з юрыстамі. Але хутка зразумеў, што гэта зацягнецца надоўга. Некаторы час у Кіеве я валанцёрыў, дапамагаў нашым праваабаронцам і актывістам з рознымі акцыямі. Але працы ў гэтым напрамку з часам было ўсё менш, таму ў канцы 2021 года пачаў планаваць пераезд у Польшчу. Зрабіў гуманітарную візу, папярэдзіў сваякоў, якія там жылі, сабраў рэчы і рушыў у дарогу. 

Калі так можна выказацца, мне зноў пашанцавала: я перасек мяжу Украіны з Польшчай 23 лютага — за дзень да пачатку вайны. Наступны дзень пачаўся з навін пра напад Расеі. Некалькі дзён я правеў у тэлефоне, перапісваючыся  з сябрамі, якія засталіся ва Украіне. Я не ведаў, што рабіць і чым увогуле я мог бы дапамагчы. Але хутка я знайшоў у сваім горадзе склад з гуманітарнай дапамогай для Украіны, дзе былі патрэбны валанцёры. 

Але час ішоў, і я ўсё мацней адчуваў, што раблю недастаткова. Я бачыў, як шмат беларусаў едуць ва Украіну добраахвотнікамі – нават праводзіў у шлях некалькіх сваіх сяброў. Але гэты варыянт менавіта мне не падыходзіў. Неяк хутка для сябе я вырашыў, што я гатоў рызыкнуць згубіць сваё жыццё толькі ў Беларусі і менавіта для яе вызвалення. Прыкладна ў гэты час я даведаўся пра існаванне Паспалітага Рушэння і іх «Харугваў».

Афіцыйна харугва — гэта ваенна-патрыятычны гурток. Мы нічым супрацьзаконным не займаемся, і за нашымі трэніроўкамі пільна назіраюць паліцыя і польскі ўрад.

Як і ў любой «секцыі», у нас ёсць тэорыя і практыка. Тэорыя — гэта веды, якія могуць спатрэбіцца ва ўмовах ваеннага становішча: там і тапаграфія, і медыцына, і тэхніка бяспекі пры працы з агнястрэльнай зброяй. Другая частка — гэта фізпадрыхтоўка, такая скажоная фізкультура, якая не кожнаму даецца. Напрыклад, марш-кідкі, калі мы можам паўдня правесці ў лесе і адпрацоўваць розныя тактычныя і разведвальныя аперацыі. Адпрацоўка штурмаў і абароны — дапамагае мноства закінутых будынкаў у Польшчы. Страйкбольныя рэплікі, выкарыстанне макетаў зброі, каб разумець, як з ім абыходзіцца, як працаваць у групах, у падраздзяленнях.

Нягледзячы на тое, чым мы займаемся і да чаго рыхтуемся, я ўпэўнены, што большасць не хоча, каб гэта некалі спатрэбілася. Самае важнае: часта бывае дастаткова думкі на супрацьлеглым баку, што людзі гатовы ўзяць у рукі нешта цяжэйшае за кветкі. І гэтай думкі, магчыма, будзе дастаткова, каб не паўтарылася жаху, які быў у 20-м годзе і працягваецца ўсё яшчэ.

Усведамленне таго, што мой пераезд — гэта па сутнасці міграцыя, прыйшло вельмі дзіўна, расплывіста.

Мне было нашмат складаней у першыя месяцы, калі я яшчэ знаходзіўся ва Украіне і быў упэўнены, што хутка вярнуся. Знаходзіцца там было таксама своеасаблівай турмой, толькі псіхалагічнай. Адчувалася, нібы мяне затрымалі, пасадзілі, але ўсё яшчэ няма суда: які месяц доўжыцца мой працэс, але прысуду няма, і я не ведаю, колькі мне яшчэ сядзець.

А як сюды пераехаў прама перад пачаткам вайны — змяніліся абставіны. Стала зразумела: пакуль вайна не скончыцца, мы сапраўды не вернемся назад. Гэта комам упала на галаву. Я нават не мог пасядзець і падумаць, неяк яе прыняць гэтую думку — на гэта не было часу, я быў заняты навінамі. Не сваімі нейкімі пачуццямі, а тым, што адбываецца ў суседняй краіне. 

Яшчэ паўгода таму я б адказаў, што мне цяжка нават мець зносіны з людзьмі, якія не атрымалі мой досвед — пратэстаў, зняволення, змушанага ад’езду. У якіх, дапусцім, іншыя прычыны міграцыі і якія не разумеюць, пра што я кажу.

Але асноўная ідэя ў тым, што любы досвед — унікальны, і цябе ніхто не зразумее лепш, чым ты сам. І гэта не выйсце — шукаць сабе падобных, з такой жа траўмай, каб з імі было камфортна. Таму, напэўна, я з часам перастаў на гэта зважаць: мабыць, з’явілася адаптацыя да таго кантэксту, у якім я знаходжуся. Цяпер я да гэтага нармальна стаўлюся. Маё кола зносінаў з мясцовых мігрантаў — гэта абсалютна розныя людзі з рознымі прычынамі ад’езду.

Нягледзячы на тое, што гэты досвед больш не вызначальны для мяне, ён вельмі важны: калі б мне зараз далі магчымасць не страціць месяц жыцця ў Акрэсціна, у Жодзіна, я б адмовіўся. Гэта ўсё роўна вельмі важны, вельмі каштоўны досвед. У тым разуменне, якія людзі ў нашай уладзе і што яны могуць сабе дазволіць у адносінах да іншых людзей.

Як банальны прыклад: мы кожны вечар чулі і бачылі, як у душавыя, дзе няма камер назірання, адводзяць бяздомных, алкаголікаў, якія сядзелі содні, і збіваюць іх. І ў мэтах «прафілактыкі», як яны думалі, і проста так —  так сілавікі трэніруюцца, фарміруюць у сабе звярыныя інстынкты, змагаюцца са страхам прычыніць боль чалавеку.

Абячалавечванне зняволенага, суперніка ўлады, парушальніка закона і парадку адбывалася ўсе гэтыя гады. Мы гэтага не бачылі, не разумелі, але гэты досвед трохі выцвярэжвае і дае разуменне, што адбывалася ўсе 29 гадоў рэжыму.

Цяпер яшчэ рана меркаваць, што менавіта памянялася ва мне за час эміграцыі. Мае значэнне і тое, што я ў прынцыпе сталею. У мяне яшчэ такі ўзрост, што кожны год — ён даволі моцна адчуваецца. І ты можаш азірнуцца на сябе двухгадовай даўніны і зразумець, што ты ўжо іншы чалавек. 

Напэўна — спадзяюся, прынамсі — што я стаў спакайней. Калі ты паўгода запар чытаеш жудасныя, страшныя навіны, якія ты не хацеў бы ніколі ў жыцці бачыць — ты і чарсцвееш, і зміраешся з гэтым, і цябе ўжо складана пасля здзівіць, вывесці з раўнавагі. Гэта, з аднаго боку, можа адбівацца і на адчуванні эмпатыі. Але ў маім выпадку, мне здаецца, яно прынесла нейкую душэўную раўнавагу: так, лайно здараецца, але гэта не падстава перастаць цягнуць камень у гару.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *