«Немажлівасць павярнуцца дадому – гэта часціна барацьбы»

Зараз жыве ў Італіі.

Больш за 10 гадоў я часткова жыву ў Італіі, тут жыве мая прыёмная сям’я. Але напрыканцы 2019 года я прыехаў у Беларусь, бо адчуў: трэба ў Беларусь, хачу ў Беларусь – ну і паехаў. 

Потым ёбнуў кавід – і ўсе мы добры ведаем, як адрэагавала на гэта ўлада. Я быў у шоку, бо глядзеў на сваіх знаёмых-сяброў з Італіі, як яны ўсім дапамагаюць – а ў нас, ну, “кавіда няма”. Менавіта з гэтага пачаўся мой актывізм у 2020: не з выбараў, а з таго, што мы са знаёмай друкавалі і развешвалі па пад’ездах буклеты з прапановай дапамогі: напрыклад, у краму схадзіць для старшых людзей, ці штосьці яшчэ. 

Ну а потым пачаліся “не выбары” – і гэта мая стязя, я ведаў, што я буду ўдзельнічаць. І, як кажуць па-італьянску, п’яно-п’яно, я пачаў улівацца ў гэты працэс: дапамагаў са зборам подпісаў, быў на сувязі з бабруйскімі актывістамі. У Італію я ўжо нават і не думаў вяртацца.

Бліжэй до жніўня пазатрымлівалі амаль што ўсіх маіх знаёмых. Я кожны дзень пераязджаў з хаты на хату, бо трэба было пратрымацца да 9 жніўня. Ну а як: што толку ад мяне, калі я буду сядзець на СІЗО? 

Увечары 9 жніўня ў Бабруйску народ сабраўся, але потым прывезлі срочнікаў і нас усіх хутка разагналі. Сувязі не было, і мая дзяўчына смс-камі дасылала мне ўсю інфармацыю з навін. І калі я прачытаў, што ў Менску ўжо газ, барыкады і поўны піздзец, я зразумеў, што 10-га зранку я павінен быць там. Мы з сяброўкай першым жа цягніком, а 6 ранку, паехалі ў Менск.

Затрымалі мяне на Пушкінскай. З аўтазаку – адразу ябалам у падлогу, і так збіваюць, што ты не можаш падняць галаву – я нават не ведаў, дзе я. Потым Фрунзенскі РУВД, Акрэсціна. Там была трэшаніна. Праз тры дні мяне выпусцілі, але што ты думаеш – 15-га зранку я ўжо зноў быў на Пушкінскай.

Потым я займаўся актывізмам у Бабруйску і заставаўся ў Беларусі да 2021. У красавіку’21 на мяне выйшлі кдб-шнікі і запрасілі “на беседу”. Яны пачалі дапытвацца, чаму я ўсё езджу ў Італію, а на якія грошы, а чаму вяртаюся. Ну і запрапанавалі пісаць ім, “калі я нешта ў сваёй Італіі дазнаюся”.

Нават пасля гэтага я не планаваў з’язджаць – як і ўсе. Але ў мяне скончыўся італьянскі від на жыхарства, і я выехаў, каб яго тэрмінова змяніць. І больш не павярнуўся – і не магу. Мае даныя былі злітыя падчас затрымання знаёмых. Ну а зараз я дапамагаю Народнай амбасадзе Беларусі ў Італіі – і нас нядаўна прызналі экстрэмістамі. Такія справы.

Для мяне немажлівасць павярнуцца дадому – гэта часціна барацьбы, якая пачалася для мяне яшчэ 10 год таму. Адстойванне беларускай незалежнасці, актывізм, дапамога адзін аднаму – зараз гэта асноўная частка майго жыцця. Таму я ўспрымаю ад’езд як вымушаны крок на гэтым шляху: гэта проста краіна, у якой, у адрозненні ад Беларусі, я магу хоць штосьці зрабіць. Гэта новы этап, не самы прыемны, але як кажуць: правы не даюць, правы бяруць. І трэба працягваць гэтую барацьбу.  Па-іншаму я проста не магу.

Я ў актывізме ўжо не першы год, таму, можа, я быў трошкі натасканы: я добра ведаў, што і навошта я раблю, і чым гэта можа скончыцца. Канешне, ёсць гэтая лірыка: немажлівасць вярнуцца, сум па сябрам. Я плачу, гляджу тоны відосаў пра Бабруйск, гуляю любімымі маршрутамі па гугл-мапах.

Але я стараюся гэтымі дрэннымі пачуццямі сабе галаву не забіваць, бо гэта не дапамагае. А дапамагае напэўна вера, вера ў тое, што не можа 2020 год прайсці бясследна і без наступстваў. Бо людзі – яны ж нікуды не дзеліся. Яны жывыя, яны ёсць. Так я і спраўляюся

Больш за ўсё ў эміграцыі мне не хапае свайго роднага месца, Бабруйску: мая краіна, мой горад, родныя вуліцы, з якімі павязаныя ўспаміны. 

У Італіі я не адчуваю сябе “дома”. Гэта не мой дом, і для мяне проста немагчыма ўявіць нешта накшталт “тымчасовага дому”. Я нават ніколі аб гэтым не думаў – стварыць дом па-за Беларуссю. У будучыні я магу паддацца абставінам і жыць папераменна: год у Італіі – год у Беларусі. Але каб я, як зараз, жыў тры гады без Беларусі – гэта поўны піздзец. Я не магу сваё жыццё ўявіць без Беларусі.

Зараз я шмат кантактую з мясцовымі студэнцкімі арганізацыямі, і вось, што заўважыў. У Італіі як? Усе шэсці, дэманстрацыі – гэта ўсё дазволена. Таму яны выходзяць, махаюць нешта сцягамі – і дамоў. Нібы з-за гэтай даступнасці для іх дэманстрацыі губляюць змест: для іх гэта становіцца нечым накшталт проста пашпацыраваць па праспекце – і яны гэтым нічога не дабіваюцца. 

Італьянцы чымсьці падобныя да беларусаў: яны могуць вельмі гучна сварыцца на навіны, але калі прапануеш ім ісці, дабівацца, нешта мяняць, чуеш у адказ: а дык ад мяне ж нічога не залежыць. Таму я заўсёды заклікаю іх падымаць дупу і нешта рабіць. Бо ў іх жа ёсць рэальны шанец нешта змяняць! І я веру, што яны таксама прыйдуць да гэтага, змогуць пераадолець уласную аморфнасць. 

Італьянцы  заўсёды захоўваюць традыцыі менавіта свайго рэгіёну  – і гэта настолькі крутая штука! Ты калі італьянца за мяжой запытваеш, адкуль ён, – яны называюць свой рэгіён, горад. Гэта паказчык моцнай сувязі са сваёй мясцовасцю, і такое стаўлення мне блізка.

Плюс у Італіі шмат дыялектаў – амаль у кожным горадзе свае моўныя асаблівасці, і яны гэта ўсё захоўваюць, падтрымліваюць, літаральна на афіцыйным узроўні. І я хачу, каб у Беларусі было тое ж самае, бо ў нас усе гэтыя мясцовыя адрозненні ёсць, і вельмі выразныя, але чамусьці не настолькі яно падтрымліваецца і самімі беларусамі, ну а пра псеўдаўладу казаць тут нават няма сэнсу.

Я жыву ў рэгіёне, які называецца Апулія – гэта Адрыятычнае мора. І тут вельмі павольны стыль жыцця: калі можна паспаць – мы будзем спаць, калі трэба быць а 9, мы прыйдзем а 10. Паспяшацца нікуды не трэба, жыцця цячэ сваім парадкам. 

Але гэта не мая гісторыя: я такі, што трэба ўсё ў час, хвіліна ў хвіліну. Гэтае спакойнае жыцця не для мяне: у мяне яшчэ багата справаў, і для беларусаў яшчэ не прыйшоў час проста жыць і насалоджвацца. Калі зробім свае справы, даб’ёмся свайго – тады будзем адпачываць. А зараз, як наказала Марыя Калеснікава, даўбіць, даўбіць, даўбіць. І ў гэтым я атрымліваю сапраўдную асалоду, асэнсаванасць свайго шляху.

Калі я ўяўляю момант вяртання, я заўсёды бачу сабе на каленях, цалуючы беларускую зямлю. Нават не людзі, не сябры, а менавіта Беларусь як аб’ект маёй любові – вялікай, моцнай любові.

Я прыехаў да Італіі з гэтаю любоўю яшчэ 10 год таму – і яна нікуды не знікла. І не знікне: адлегласць і час проста не важлівыя ў маім выпадку

А наконт сіл? Я нават не ведаю, адкуль яны ў мяне бяруцца. Яны проста ёсць, бо пакуль жыве Беларусь – жыве і моц на барацьбу

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *