«У мяне ўсё заблытана»

Я некалькі гадоў у цэлым, як бы яшчэ да дваццатага жыў на тры краіны. Я вучыўся ў Регенсбургу ў Германіі і ездзіў весь час у Мінск. А таксама ездзіў да бабулі ў Растоў. Потым нямецкая вучоба скончылася, але пачалася праца ў Літве. Так я ездзіў Літва, Беларусь, Расія, Беларусь, Літва і гэтак без канца. Перыядычна наездамі ва Украіну да сваякоў. І на пандэмію я застаўся ў Беларусі, пакуль усе межы былі зачынены. У чэрвені 2020-га я з’ездзіў да бабулі ў Растоў.

Я збіраў подпісы перад выбарамі ў 2020-ым, здаў іх і з пачуццём выкананага абавязку і з’ехаў. Я ехаў па праспекце Незалежнасці, гэта быў асаблівы момант, калі ўсе сабраліся ўздоўж праспекта ў ланцугі і стаялі. Я ехаў да бабулі праз Маскву і адчуваў, што я зрабіў тое, што трэба!

Потым сёмага жніўня я вярнуўся ў Беларусь. У паветры можна было тапор вешаць. Настолькі ўсё было душна, напружана. Зразумеў, што будзе нешта экстраардынарнае.

9 жніўня майго партнёра затрымалі. 11га былі чуткі, што адрубяць і тэлефонную сувязь, я баяўся што не змагу тэлефанаваць бабулі, і з’ехаў да яе.12 жніўня, калі большасць адпускалі, яго таксама выпусцілі.

У верасні я вярнуўся ў Беларусь. Мы з партнёрам пабылі разам тры дні, ён з’ехаў ва Украіну. Шмат маіх сяброў, калег па працы з’ехалі ў верасні ва Украіну “на два месяцы”. Усе думалі, што хутка вернуцца. Я ездзіў пару разоў з Беларусі  ва Украіну, вазіў дакументы, рэчы. Зараз на ўсё гэта глядзіш зусім па-іншаму, бо здаецца, што гэта ўсё ўжо нелегальнае, але насамрэч простыя рэчы.

У 2021-шым я ездзіў у Беларусь скрайні раз. Не было ніякага сігналу або званочка, была сітуацыя, калі было ўсё зразумела, што ўжо “стремно” ездзіць. Былі яшчэ моманты, калі я жыў паміж Кіевам і Растовам. Мяжа была вельмі складаная і напружаная. Людзі з боку Расеі правяралі дасканала ўкраінцаў, украінцы правяралі расейцаў, а ў мяне беларускі пашпарт і я як быццам праз нейкае сіта праліваўся на гэтай мяжы. Пастаянна кагосьці не прапускалі то ў адзін бок, то ў іншы. Знаходзілі розныя прычыны: то пандэмія, то нешта не падабаецца ў дакументах. 

Але я таксама вельмі моцна перажываў, бо Расея выдавала беларусаў. Усю лічбавую інфармацыю пастаянна даводзілася пераправяраць і чысціць. Часам на гэта сыходзіў цэлы дзень перад паездкай.

2022 год я сустрэў з бабуляй у Растове, але пасля прамовы Пуціна на Новы год, было зразумела, што мне трэба хутчэй “вымятацца” з Расеі.

22 студзеня я ўжо пераехаў ва Украіну і 13 лютага я паляцеў на два тыдні ў Еўропу пайграць з сябрамі музыку. Зваротны квіток у мяне быў на 27 лютага ва Украіну.

Вядома, я нікуды не паляцеў. Першы дзень вайны быў такі хаос. Усе эвакуяваліся, хто маглі, перасячэнне мяжы гэта быў нейкі кашмар. Мы пераехалі ў Літву. Пасля пачатку вайны я ездзіў ва Украіну яшчэ тры разы, з пасылкамі.

Першыя некалькі тыдняў пасля пачатку вайны я не разумеў куды ехаць, таму што я баяўся знаходзіцца ў краінах, якія мяжуюць з Расеяй, з Беларуссю. Але было шмат ЗА, каб мы засталіся ў Літве. Зарэгістраваная арганізацыя, у якой мой партнёр працаваў, падтрымка дзяржавы, тое, што мы ведалі Літву, бо мы тут жылі і працавалі раней. Усё гэта адыграла на карысць выбару гэтай краіны.

Але я вельмі не хацеў ехаць у Літву. Для мяне быў удар, калі літоўская дзяржава завяла размову пра зраўнанне абмежаванняў для расейцаў і беларусаў. Я так гэтага не чакаў, мне было балюча ад гэтага. Я з 2018 года вучыў літоўскую мову, мне яна падабаецца. І потым гэтая навіна мяне выбіла.

Я разумею, што Літва нашмат меньшая за Польшчу і Літва прыняла шмат людзей, якія беглі з Беларусі, Украіны. Але гэтыя словы (зраўняць абмежаванні для расейцаў і беларусаў) прымусілі мяне адчуваць фрустрацыю.

Пры ад’ездзе з Менску, у мяне не было пачуцця, што я з’яжджаю з яго назаўсёды. Там нават засталіся мае рэчы. І яшчэ, фізічна Мінск не разбураны, у адрозненне ад Марыупаля, у якім я вырас. 

У мяне цёплыя ўспаміны аб маёй апошняй паездцы ў Мінск, я жыў у Серабранцы, сустракаўся кожны дзень з сябрамі. Гэта быў такі цудоўны час!

Я больш магу ўявіць, што я вярнуся ў Менск, чым у нейкія гарады, з якімі ў мяне ёсць сувязь. Таму што Мінск не накрыла чорнае воблака.  У Беларусі шмат усяго адбываецца” партызанскага”, гэта радуе.

Але пасля 24 лютага 2022 года, я зразумеў, што я вярнуся ў Беларусь не хутка. Я яшчэ ездзіў валанцёрыць ва Украіну, пасля пачатку вайны, рабіў збор грошай, пра які распавядаў на сваёй старонцы. Цяпер для мяне ўезд у Беларусь закрыты.

Са стрэсам і безвыходнасцю дапамагае неяк жыць музыка! Запісаў альбом з маім гуртом. Займаюся ігрой на гітары. Праца цяпер мяне зусім не ратуе ў эмацыйным плане.

Яшчэ падтрымлівае супольнасць, сябры і сяброўкі! З часткай людзей я падтрымліваю онлайн фармат зносін. Гэта для мяне не праблема.

У Palina выйшаў новы альбом і там ёсць песня Cаломкі. І мне вельмі падабаюцца словы

“Каб я ведала дзе ўпасці, падклала б саломку 

Падклала б саломку 

Каб я ведала як жыць, спявала б як салоўка 

Усе адно яно баліць 

А што з таго толку?”

Як я спраўляюся ў эмоцыямі?! Напісаў песню пра Страх на літоўскай мове. Пераклаў песню на беларускую мову, але там розныя словы ўсё роўна. Праз музыку я шмат пражываю і яна мне дапамагае!

У мяне няма пачуцця дома. І я пачаў разумець, што з фізічнага стану дом абцяжарвае. Зараз я для сябе зрабіў выснову, што дом гэта сетка кантактаў, кам’юніці, тэчкі з файламі на кампутары, музыка ў плэеры. 

Ёсць песня, якая пісалася да адной тэмы, а потым усё змянілася, яе сэнс па-іншаму цяпер адлюстроўваецца ў сувязі з эміграцыяй людзей з Беларусі, вайной ва Украіне. Uciekačy — песня салідарнасці з украінскімі і беларускімі змушанымі эмігрантамі і эмігранткамі ды ўцекачамі. Яна прысвячаецца беларусам і беларускам, украінцам і ўкраінкам, які згубілі свае дамы — многія не раз за апошні час.

У мяне ёсць страх, што беларускае войска возьме ўдзел у вайне. І для мяне кожны дзень на працягу некалькіх месяцаў пачынаўся з таго, што я адкрываў навіны і чытаў ці прыняла беларускае войска ўдзел у вайне ці не. Я вельмі моцна перажываю за гэта.  Страх, што Расея можа павялічыць маштаб вайны і пачаць яе ў іншых краінах. Таму астатнія рэчы становяцца для мяне не такімі важнымі, сыходзяць на задні план.

Расстанне з Беларуссю мне дапамагаюць пражываць людзі, якія цяпер у Беларусі. Сустрэчы з гэтымі людзьмі! І я б жадаў кожнаму і кожнай трымацца адзін аднаго!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *