Паша, акцёр, рэжысёр, музыка. Зараз жыве ў Варшаве
Рашэнне аб пераездзе я прыняў у сувязі з тым, што трапіў у Беларусі на суткі і апасаўся, што магу трапіць туды яшчэ раз – таму вырашыў з’язджаць. Зараз я знаходжуся ў Варшаве, але спачатку я паехаў у Кіеў.
Чаму Кіеў? Па-першае, там танней жыццё, танней жытло. Ну і моўнае пытанне: усё ж такі да пачатку вайны значная частка людзей размаўляла там па-расейску, таму мне было б прасцей там асвоіцца.

Год я знаходзіўся ў Кіеве: пачаў вывучаць украінскую мову, да мяне прыехала жонка, мы перавезлі сваіх ката і сабака – паціхоньку ўсё пачало наладжвацца. Але пачалася вайна, і з’язджаць давялося зноў.
Я на той момант быў на гастролях з тэатрам у Лондане, а жонка знаходзілася ў Кіеве – і ў яе быў вельмі доўгі, цярністы шлях у бяспеку. Яна тыдзень дабіралася на машыне з Кіева ў Варшаву, а я не мог ні прыехаць, ні неяк яе падтрымаць, і вельмі моцна з-за гэтага перажываў.
Але ў выніку, пасля яе эвакуацыі і калі мы з тэатрам адыгралі ўсе спектаклі, мы нарэшце сустрэліся ў Варшаве – і пачалі ўжо шукаць кватэру тут.
У эміграцыі ты не ведаеш, як усё складзецца на новым месцы: ці будзе праца, ці будзе жытло? Асаблівай фінансавай падушкі ў нас не было, таму менавіта трывога, няўпэўненасць у заўтрашнім дне – гэта асноўнае пачуццё, якое суправаджала маю эміграцыю.
Туга па блізкіх, па сябрах, якія засталіся ў Беларусі і з якімі ты можаш камунікаваць толькі анлайн – гэта таксама, канешне, цяжкая эмоцыя. Але мая жонка – мая сям’я – канешне, вельмі падтрымлівае мяне. Натхняе і не дае апусціць рукі.
Я стараюся і сам сябе падбадзёрваць: глядзець на эміграцыю як на нейкае акно новых магчымасцяў. Ну, як мінімум пры пераездзе было б добра – і я так заўсёды раблю – вывучаць мову той краіны, дзе ты знаходзішся. Так, я вучыў украінскую, зараз у Польшчы вучу польскую. Калі б яшчэ я пазнаёміўся з гэтымі мовамі?
Дом для мяне гэта прастора бяспекі. Гэта месца, дзе табе добра, дзе табе спакойна. І Варшава ў гэтым плане вельмі камфортная для жыцця. Каб вось яшчэ надвор’е зімой не такое паскуднае – было б ваабшчэ шыкоўна 🙂
Тут шмат месцаў, дзе сустракаюцца беларусы, таму не адчуваеш сябе адзінокім і пакінутым.

Але мне таксама падаецца важным не заставацца “ў гета” – тусавацца не толькі з беларусамі, а знаходзіць знаёмых палякаў і цікавіцца іх жыццём, гісторыяй Польшчы і тым, што тут адбываецца. Інтэгравацца ў мясцовы кантэкст – мне здаецца, гэта вельмі важна.
Асноўная цяжкасць для мяне ў эміграцыі – гэта адсутнасць пастаяннай творчай працы. Знаходзячысь у Беларусі, на працягу шмат гадоў я працаваў у тэатры, займаўся любімай справай і быў матэрыяльна забяспечаны. Мне не трэба было думаць “а што заўтра? якія праекты яшчэ прыдумаць?” Таму пераходзіць на фрыланс – гэта такі выклік для мяне.
Пакуль мае валоданне польскай мовай не дазваляе мне пайсці тут у тэатр, устроіцца працаваць акторам. Таму зараз мая праца – гэта пастаянныя праекты, часта разавыя. Канцэрты, тэатральныя праекты, здымкі ў кіно – скачаш вось так з аднаго на другое, але ўпэненасці ўсё адно няма, што ў наступным месяцы гэтая праца будзе зноў.
Але з гэтым таксама мяне вельмі падтрымлівае мая жонка. Яна верыць у мяне і пераконвае, што ісці ў “Бядронку” не трэба.
Таму я канцэнтруюся на тым, што для мяне важна – на творчасці. І я лічу, што гэта сэнс майго існавання – нешта даць гэтаму свету праз музыку, рэжысуру, акторства.

Канешне, я ўжо адаптаваўся за гэтыя два гады. Ужо ведаю, што па нядзелях крамы не працуюць, таму, калі не хочаш застацца галодным, трэба закупіцца ў суботу.
А калі сур’езна – ва ўсім дапамагаюць людзі. Да прыкладу – мая настаўніца польскай мовы: запрашае мяне ў госці, расказвае пра Польшчу, пра Варшаву.
Таксама дапамагае і “опыт предшественніков” – разуменне, што ты не першы з такім сутыкнуўся, і шмат людзей, якія вымушаны былі пераехаць, дясягалі свайго не на радзіме.
Таму я раю сабе і іншым верыць у сябе, не апускаць рукі і ўспрымаць гэты досвед як ціквае, захапляльнае падарожжа. Усяго нам харошага і найлепшага.
