Для кагосьці з гераінь вучоба за мяжой стала свядомым выбарам, для кагосьці — вымушаным крокам з-за пагрозы палітычнага пераследу. Але ў гэтых гісторый ёсць агульная рыса: «Усіх нас аб’ядноўвае тое, што мы не ад лепшага жыцця з’ехалі, пакінулі нашых сваякоў. Але мы ўсе хочам, каб нашая краіна развівалася і людзям было камфортна ў ёй жыць», — адзначае адна з гераінь.
У гэтым годзе Віола, завяршае навучанне на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэту.
Не тое каб я марыла пра Польшчу, хутчэй — проста не бачыла сваёй будучыні ў Беларусі. Як бы я ні любіла Беларусь, палітыку дзяржавы я не падтрымліваю, і ўжо тады мне падавалася невыносным жыць там. Таму вучоба дала мне магчымасць “збегчы”.
Узгадваючы свой ад’езд і першыя семестры, Віола называе гэты час бесклапотным:
Пасля першых гадоў захаплення прыйшло выгаранне, за ім — зацяжная дэпрэсія. Здавалася, што ўсё нібыта губляе сэнс. Стан Віолы ўскладняўся і з-за палітычнага крызісу дома.
У 20-м годзе я спецыяльна прыехала ў Беларусь, каб удзельнічаць у пратэстах, — у мяне якраз былі вакацыі. Я была ўпэўнена, што ўсё атрымаецца, гэтая думка давала мне сілы жыць. Але расчараванне проста мяне дабіла, адарвала апошнюю частку ад таго, што было для мяне важна
Са складанага стану дапамаглі выбрацца доўгая тэрапія і медыкаментознае лячэнне. А яшчэ — блізкая сяброўка:
Як бы я ні адштурхнула ўсіх людзей ад сябе, яна ўсё роўна засталася побач. І я ёй бясконца ўдзячная за гэта да канца свайго жыцця.
Кожны раз калі я лічу, колькі гадоў я ўжо жыву ў Варшаве, мне не верыцца. Калі я толькі прыехала і зразумела, што вучыцца трэба шэсць гадоў, то гэты час здаваўся мне няўяўным, далёкім, нязбытным. І вось сёлета я буду пісаць дыплом — і заканчваць універсітэт. Для мяне гэта проста шок
***
Падчас удзелу ў пратэстах 2020-га года Лёша атрымаў траўмы — і на некалькі месяцаў паехаў у Польшчу на лячэнне.
Праз месяца два-тры я вярнуўся. Магчыма, гэта было бязглузда і інфантыльна, але я думаў, ды і адвакат меркаваў, што ўсё замнецца.
Але ўжо ў аэрапорце да мяне былі пытанні, і я адразу адчуў сябе ў небяспецы. Потым пачалі званіць з міліцыі. Стала зразумела, што трэба ўсё ж такі з’язджаць. Пасля гэтых званкоў рашэнне я прыняў літаральна праз паўтары гадзіны. На наступны дзень сябар адвёз мяне на мяжу.
Наогул не было зразумела, як усё складзецца: я не ведаў, чым я буду займацца. Таму я проста стаў рабіць тое самае, што рабіў і ў Менску: я стаў вучыцца. Спачатку вывучаў ангельскую. Потым адвучыўся год на праграме Каліноўскага — гэта цудоўная праграма.
Пасля вывучэння мовы я застаўся ў Польшчы і паступіў на біяінфарматыку ў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Зараз будзе другі год майго навучання. Да гэтага я вучыўся ў БДУ на біяфаку і магу сказаць, што па складанасці адукацыя прыкладна аднолькавая. Але мне падаецца, што тут пасля вучобы мне будзе прасцей рэалізавацца ў гэтай спецыяльнасці
Часам хочацца вярнуцца вельмі моцна. Асабліва калі пачнём з кімсьці з сяброў настальгіраваць. Адразу прыходзяць думкі: а можа быць, нічога страшнага…? Больш за ўсё ў эміграцыі мне не хапае быць беларусам у Беларусі. Не быць “беларусам у Польшчы”. А ўсё астатняе — гэта дробязі.
Класна знаёміцца з новай культурай. Гэта ў тым ліку дапамагае адчуць сябе ў эміграцыі больш арганічна.
Важна звяртацца да таго, што бліжэй менавіта табе. Напрыклад, я вось слухаю лакальны рэпчык — дазнаюся, пра што тут чытаюць, і адчуваю сябе больш камфортна. Пры гэтым я адназначна лічу, што “ламаць” сябе не трэба: я адчуваю сябе беларусам, нікуды ад гэтага не падзецца, ды я і не хачу.
***
Настасся паехала вучыцца жывапісу ў Гданьск адразу пасля заканчэння школы ў 2019 годзе.
Чаму я паступала менавіта ў Польшчу? У Беларусі, на жаль, кульгае той напрамак, у якім я хацела б развівацца, ды і перспектывы на гарызонце не бачыліся.
Але ад’езд выявіўся складаным:
Першыя два гады адбывалася вялікая прапрацоўка адносін з бацькамі, з сабой. Былі слёзы кожны дзень, не хапала сваіх людзей. Сепарацыя праходзіла цяжка: спачатку я прыязджала дадому кожны месяц.
Справіўшыся з адаптацыяй, Насця вырашыла дапамагчы праходзіць гэты перыяд іншым, стварыўшы YouTube-праект пра навучанне ў замежжы.
Чаму першыя часы мне было кепска? Бо я была адной беларускай у сябе на факультэце. Мне было самотна. І аднойчы я падумала: як было б крута, калі б у той момант я ўбачыла, пачула гісторыю, што нейкі чалавек пражывае тое самае. Усе мы людзі, усе пражываем падобныя рэчы. Так і з’явілася ідэя майго праекту «Я – студент».
Я езджу па Еўропе і здымаю інтэрв’ю са студэнткамі і студэнтамі з Беларусі. Яны расказваюць пра свой універсітэт і як трапілі ў гэтую краіну, пра паступленне і дакументы. Мы стараемся даць адказы на тое, што хацелася б даведацца пра гэтае месца іншым.
Пра беларускае студэнцтва за мяжой Настясся абагульняе так:
Гэта адначасова і асалода, і горыч. У нас такія цудоўныя маладыя людзі, мы — свежае, новае пакаленне. Многія паехалі атрымліваць веды, паглядзець на іншы досвед і іншыя краіны. Але, на жаль, мы не ведаем, ці зможам вярнуцца з гэтымі ведамі. Сярод майго атачэння і тых, каго я здымала для праекту, няма нікога, хто быў бы ўпэўнены, што вернецца дадому развіваць нашу краіну — край, які табе бліжэй за ўсё. Я гэта кажу — і ў мяне слёзы аўтаматам наварочваюцца.
