Як дапамагчы сабе вывучаць новую мову?

Наша прыстасаванне да новых умоў жыцця залежыць у тым ліку ад таго, як паспяхова мы асвоім новую мову ў эміграцыі. Але на фоне псіхалагічнай перагружанасці і бытавых задач вывучэнне можа стаць сапраўдным выклікам.

Як дапамагчы сабе ў гэтай справе? І як падыйсці да вучобы, каб зрабіць працэс сапраўды эфектыўным? Выкладачка ангельскай Ганна дзеліцца парадамі, якія працуюць для яе і яе студэнт_ак. Агульныя моўныя рэкамендацыі і лайфхакі для эмігранцкай рэальнасці — у гэтым артыкуле.

Крок 1: вызначаемся з мэтай вывучэння

Вывучэнне новай мовы – гэта невычарпальны працэс. Ніколі не будзе такога моманту, калі мы паставім галачку і абвясцім, што вывучылі мову ўсю і цалкам. Але існуе безліч прамежных рэзультатаў, якія будуць адпавядаць менавіта вашым патрэбам і мэтам. Вызначыцца з гэтымі мэтамі – першы крок для паспяховага апанавання мовы.

Калі да мяне прыходзяць вучыцца “проста так”, “для сябе”, “каб было”, я прапаную ўдасканаліць намер і прайсціся па SMART-метаду пастаноўкі мэтаў, то бок сфармуляваць кантрэтны і вымяральны пажаданы вынік.

Напрыклад: “Я хачу дасягнуць узроўня Б1 праз год, каб падарожнічаць і камунікаваць з іншаземцамі” – тут ёсць канкрэтны ўзровень, які можна праверыць, а таксама час і адказ на пытанне, дзеля чаго. Такая фармулёўка мэты стане арыентырам для руху па бясконцай прасторы мовы і дапаможа не разгубіць матывацыю падчас вучобы.

Таксама важна ўлічваць рэалістычнасць мэты. Калі ваш узровень А0 і зараз кастрычнік, а вы плануеце дасягнуць узроўня Б1 да канца году, то у мяне для вас ёсць навіна ад Кэмбрыджа: “Вам спатрэбіцца каля 200 гадзін (прыкладна паўтара года) накіраванага навучання, каб перайсці з аднаго ўзроўню на наступны”. Канешне, гэта прыблізныя лічбы і тэмп авалодання мовай залежыць ад безлічы фактараў, але факт застаецца фактам: мова – працэс працяглы. Адсюль сяброўскі напамін: ніколі не верце ў курсы накшталт “С1 за 3 тыдні без высілак” 🙂

Крок 2: дамаўляемся з сабой аб сталасці вучобы

Акей, мэта есць, што далей? А далей трэба ўсвядоміць наступнае: вывучаць любую новую мову — гэта як качаць мышцы: калі не практыкаваць, то кубікі вельмі хутка знікаюць. Моўныя навыкі трэба падтрымліваць увесь час, і пры гэтым чым ніжэй узровень, тым больш падтрымкі і практыкі ён патрабуе (ну літаральна як з мышцамі!). 

Я перыядычна назіраю, як студэнты актыўна пачынаюць вучыць ангельскую, ходзяць на заняткі па 4 разы на тыдзень, робяць прагрэс, а потым.. праз 2 месяцы вырашаюць зрабіць паўзу і вярнтаюцца толькі праз паўгады. У такім выпадку лічы, што грошы за першыя два месяцы фактычна марнуюцца, бо прагрэс знікае, і ўсё даводзіцца пачынаць нанова.

Трэба адразу з сабой дамовіцца, што вывучэнне мовы патрабуе пэўнай адданасці, з акрэсленай мэтай, на вызначаны тэрмін. Калі ў вас пераезд, падтрыхтоўка дакументаў, тры іншых мовы і яшчэ 4 курса па псіхалогіі, то, мо, трэба пачакаць больш спрыяльнага часу і пачаць пазней.

Вядома, бываюць, усялякія абставіны, якія могуць спыніць навучанне, але чым больш выразныя мэта і намер, тым прасцей будзе вярнуцца да вучобы.

Крок 3: ствараем з вучобай пазітыўныя сувязі

Наступным крокам можа быць выбар выкладчы_цы ці курсаў. І тут, мне здаецца, важна каб адбыўся match: па каштоўнасцях, па гумару, нават па стылю слайдаў прэзентацый. Чаму? Таму што вывучэнне мовы — працэс складаны, і добра калі ён асацыюецца с чымсьці прыемным: з месцам куды хочацца вяртацца, з людзьмі, якім прыемна распавесці пра цяжкасці эміграцыі ці пра тое, якога сабаку вы збіраецеся завесці. 

Калі вы вырашаеце авалодаць іншай мовай самастойна, то дапамагчы могуць рытуалы і прыгожае асяроддзе для заняткаў. Напрыклад, прыгожы натанік, музыка, кавярня ці парк, ты і польская:)


Крок 4: звяртаем увагу на маленькія перамогі!

Важны психалагічны момант, пра які хочацца сказаць, — гэта самакрытыка, якая цягнецца з нашай школьнай сыстэмы. Калі я даю фідбэк на занятках, я заўважаю, як студэнт_кі адразу звяртаюць увагу на памылкі і амаль ігнаруюць добрыя водгукі. А гэта можа паўплываць на вашую матывацыю і далейшае жаданне працягваць. 

Варта вучыцца заўважаць і адзначаць свае маленькія і сярэднія поспехі, падтрымліваць сябе і ганарыцца кожнымі правільна ўжытымі кожным правільна ужытым канчаткам/артэклем.

Мы з маімі студэнтамі шмат працуем над тым, каб не казаць sorry пасля кожнай памылкі і кожнага забытага правіла. Памылкі — гэта супер, гэта індыкатар, куды глядзець, і гэта частка працэсу – не больш не менш. 

Крок 5: надаем мове прыкладны характар

Таксама значная частка поспеху – вызначыць тое месца і тыя абставіны, дзе вам сапраўды гэтая мова спатрэбіцца. Калі гэта для працы — ёсць сэнс факусавацца на лексіцы, якая там ужываецца; калі гэта для падарожжаў, то карысна вучыць фразы для тыповых выпадкаў; калі вы плануеце складаць моўны іспыт – патрэбна сур’езная граматыка.

І падчас заняткаў, і падчас любога ўзаемадзеяння з мовай адразу старайцеся ўявіць сабе сітуацыю, дзе б вы маглі гэты новы матэрыял ужыць. Так мозг зразумее, што гэтыя веды маюць прыкладны характар. А калі новая інфармацыя мае патэнцыял быць выкарыстанай, запамінанне адбываецца прасцей.

На прыкладзе ангельскай мовы часам заўважаю феномен так званай ангельскай слепаты: гэта калі хтосьці кожны дзень бачыць надпіс toothpaste на упакоўцы зубной пасты, а потым не можа суаднесці гэтае слова з канкрэтным аб’ектам. Пагадзіцеся, гэта нават крыўдна. Але так адбываецца таму, што мы не спыняем на гэтым слове нашу ўвагу – і мозг успрымае яго як непатрэбнае, непрактычнае.

Але ж у эміграцыі ангельская проста навокал, і я часам прапаную такое практыкаванне: метанакірвана адшукаць ангельскія словы ў пакоі ці па дарозе ва Ужонд:) Вядома, гэта не значыць, што мы адразу пачнем актыўна ўжываць гэтыя словы, але, калі сутыкнемся з імі наступным разам, зразумеем і запомнім іх значна лягчэй. 

А яшчэ ў эміграцыі шмат магчымасцей практыкі! Я ведаю, што гэта вельмі папулярная парада — не саромецца і размаўляць, але ж гэта сапраўды так. Навучыцца размаўляць можна толькі размаўляючы. У дапамогу – смол-токі ў барах і кавярнях, сумесныя праекты, Ціндэр і гэтак далей.

Таксама файная магчымасць патрэніраваць гаварэнне — гэта размоўныя клубы. Дзе іх шукаць? Магу прапанаваць пісаць у чаты “Беларусы ў (устаўце ваш горад)” і запытвацца там. А калі вы не супраць анлайн-фармату, далучайцеся  да нашых размоўных сустрэч або шукайце іншыя падобныя ініцыятывы ў Instagram.

Калі не атрымліваецца знайсці цёплы і прыемны размоўны клуб, то заўседы можна аб’яднацца з сяброў_камі і зладзіць свой. Як гэта можа выглядаць? Паглядзець відэа разам і абмеркаваць, ці пайсці ў парк паесці кавун і разам уключыць рэжым брытанцаў. Ці дамовіцца з хатнімі, што серада ў вас дзень замежнай мовы, і давайце, маўляў, усе далучайцеся (мы так беларускую практыкавалі:).


І галоўнае — памятайце, што наш мозг у часы пераездаў і нязвыклых абставінаў вельмі перагружаны, таму give yourself a break, то бок вазьміце перапынак і не патрабуйце ад сябе шмат.

Будзьце гатовыя да таго, што працэс можа быць павольней, а стомленасць і абыякавасць да жыцця — больш. Галоўнае, што вы рухаецеся ў напрамку вашай мэты і робіце адчувальныя крокі. Ў сваім тэмпе і з самым лепшым і магчымым у гэтых абставінах прагрэсам. 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *